Fakefighter Observer #26. Мiфы i праўда пра беларускую мову

21 лютага адзначаецца Мiжнародны дзень роднай мовы. Azbuka media, як iнiцыятыва з беларускiмi каранямi, не магла праiгнараваць гэты важны для кожнага сапраўднага беларуса дзень. Мы падрыхтавалi для вас 10 фактаў пра беларускую мову, праўдзiвых i мiфiчных, вядомых i таемных, але, галоўнае, правераных i абгрунтаваных спасылкамi. Штосьцi для вас будзе знаёмым, а штосьцi вельмi здзiвiць, абяцаем!

 

МIФЫ

Міф 1. Беларуская мова – бедная і «колхозная»

Слоўнік літаратурнай беларускай мовы налічвае прыкладна 250 000—500 000 слоў. У дыялектнай мове (агульная назва для гаворак людзей у пэўным рэгіёне) — каля 1,5−2 мільёна слоў.

Для параўнання ў англійскай мове, напрыклад, налічваецца да паўмільёна слоў. Хоць наўрадці мы станем называць мову міжнародных зносін беднай. «Великий русский язык» таксама налічвае прыблізна 500000 слоў, а калі будзем улічваць дыялекты, то натуральна і больш. Як бачна, на фоне двух буйных моўных сістэм беларуская мова выглядае досыць развітой, з багатым слоўнікавым запасам.

Прапагандысцкая тэза пра тое, што беларуская мова калгасная з’явілася ў савецкі час, бо пасля пабудовы камунізму ўвесь савецкі народ павiнен быў размаўляць па-руску, як лічылі партыйныя дзеячы. У пасляваенны час вяскоўцы, якія размаўлялі на розных дыялектах беларускай мовы, масава перасяляліся ў пераважна рускамоўныя гарады. Гэтае перасяленне тысяч беларусаў з розных рэгіёнаў краіны прывяло да трасянкі і татальнай русіфікацыі, калі ўсе кіруючыя пасады займалі не беларусы. У гарадах не было спрыяльных умоў для развіцця беларускай мовы, якая не мела належнага прэстыжу і збольшага расцэньвалася як калгасная і сялянская мова.

Насамрэч беларуская мова мае старадаўнія карані. Гэта мова не толькі простых сялян, але і князёў, шляхты і мяшчан, мова юрыдычных актаў і дзяржаўных законаў. Шмат хто не ведае, але Статут ВКЛ – адзін з першых у Еўропе вялікіх збораў законаў, фактычна, правобраз канстытуцыі – напісаны на прататыпе беларускай мовы. А такая мова дакладна не можа быць беднай, а тым больш «калгаснай».

 

Міф. 2 Беларуская мова штучная

Ад невукаў і недасведчаных людзей можна пачуць, што сапраўдная беларуская мова – гэта мова сяла, якая амаль поўнасцю зразумелая расійцу і па сутнасці ёсць дыялектам рускай мовы, адрозніваецца акцэнтам і некалькімі дзясяткамі слоў. А тое, што цяпер вучаць у школе, дык гэта штучная («искусственная») мова, прыдуманая спадарамі польскай арыентацыі, каб адарваць беларусаў ад агульнарасійскага кораня. Часта пра гэта кажуць расійскія імперскія патрыёты, аб гэтым вяшчаюць расійскія прапагандыскія медыя.

Усе стандартызаваныя літаратурныя мовы (менавіта такія мы вывучаем у школах, чуем па тэлевізары, чытаем у кнігах, газетах, часопісах і г.д.) у пэўнай ступені штучныя, то бок не з’явіліся выключна стыхійна і ад прыроды. Літаратурныя разнавіднасці моў – гэта вынік чалавечай дзейнасці, пэўнай «грамадскай дамовы». Правілы і нормы мовы не растуць у садзе, іх фармулююць людзі, і для кожнай мовы гэта адбываецца па сваім уласным сцэнары.

Так, сучасная беларуская літаратурная мова паўстала з народных гаворак, якія былі апрацаваныя ў сяр. ХIХ – пач. ХХ стагоддзяў В. Дуніным-Марцінкевічам, Ф. Багушэвічам, Я. Купалам, М. Гарэцкім, Я. Коласам і многімі iншымi. Потым гэтая літаратурная мова пачала выкарыстоўвацца не толькі ў прыпеўках ды вершыках, але і ў астатніх сферах жыцця грамадства, бо ўяўляла сабой агульназразумелую мову са сваімі дакладна сфармуляванымі законамі і правіламі.

Многія сучасныя еўрапейскія літаратурныя мовы маюць канкрэтных бацькоў-пачынальнікаў, людзей, якія па сутнасці далі ім жыццё: Марцін Лютэр – нямецкай, Вук Караджыч – сербскай, Хрыста Боцеў – балгарскай, Адам Міцкевіч – польскай, Аляксандр Пушкін – рускай. Натуральна, усе яны мелі паплечнікаў і паслядоўнікаў, але большасць лаўраў у выглядзе бронзавых помнікаў, назваў вуліц ды бібліятэк дастаецца ім.

 

Міф 3. Амаль усе беларусы лічаць свае роднай мовай рускую і ў звычайным жыцці на беларускай мове размаўляюць адзінкі

Часта можна пачуць, што ў Беларусі ўсе размаўляюць па-руску, навошта нам гэтая беларуская мова? Насамрэч паводле перапісу ў Беларусі на «матчынай» мове дома размаўляюць 26% жыхароў краіны, а гэта значыць амаль 2 мiльёны 450 тысяч чалавек. Больш за тое, беларускую мову за родную вызначаюць 54% (5 095 млн) жыхароў нашай краіны, а гэта больш за палову насельніцтва рэспублікі. А калі ўлічваць той факт, што больш за 1 мільён чалавек назвалі беларускую мову другой для сябе, то атрымліваецца, што валодаюць і ў той ці іншай ступені карыстаюцца беларускай мовай 65 % – 2/3 насельніцтва Беларусі.

 

Міф 4. Беларуская мова непрыдатная для навукі

Дагэтуль шырока распаўсюджанае меркаванне, што быццам бы беларуская мова непрыдатная да навукi, а для многіх навуковых дысцыплін няма або не хапае тэрмiналагiчнай базы. Выглядае гэта як падман i спекуляцыя, бо ў розныя часы выходзілі дзясяткі беларускамоўных слоўнiкаў ды падручнiкаў па розных навуковых дысцыплінах.

Нацыянальная інтэлігенцыя пакінула нам каштоўную спадчыну. Яшчэ ў 1920-х гадах на хвалі беларусізацыі Інстытут беларускай культуры падрыхтаваў і выдаў слоўнікі навуковай тэрміналогіі. Прычым у той час у працы навуковай камісіі бралі ўдзел найлепшыя розумы Беларусі: Язэп Лёсік, Янка Купала, Якуб Колас, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў, Аркадзь Смоліч, Змітрок Бядуля, Аляксандар Круталевіч ды многія іншыя. Вось спіс дысцыплінаў, якія ахопліваюць названыя тэрміналагічныя слоўнікі 1920-х гг.: матэматыка, літаратура, батаніка, анатомія, псіхалогія, музыка, правазнаўства, грамадазнаўства, геалогія, назвы жывёлаў, бухгалтарскі ўлік, хімія, сельская гаспадарка, фізіка, педагогіка, раслінагадоўля і інш.

Плытніцтва. Тэматычны слоўнік / НАН РБ

Больш за тое, кожны год выпускаюцца падручнікі для школ і ўніверсітэтаў на беларускай мове не толькі па гуманітарных дысцыплінах, але і па тэхнічных навуках. А гэта значыць, што тэза пра непрыдатнасць беларускай мовы для навукі выглядае недарэчнай і нават смешнай або наўмыснай правакацыяй.

 

Міф 5. Толькі ў беларускай мове ёсць літара Ў

Мова кожнага народа ўнікальна па-свойму. Калі казаць пра беларускую, то першае, што прыходзіць у галаву – гэта наша ўнікальная літара «Ў». Гэта адметнасць беларускай мовы нават увасоблена ў помніку, які знаходзіцца ў Полацку.

Памятник У нескладоваму / Polatsk info

Літара Ў (у нескладовае) – 22-я літара беларускага кірылічнага алфавіта, якой няма ў іншых кірылічных алфавітах славянскіх моў, хоць літара i ёсць ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры, а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасцей былога Савецкага Саюза, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваны варыянты кірылічнай азбукі (узбекская, дунганская, асецінская, эксімоская мовы).

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [w] з’явілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў беларускай лацінцы ў розных варыянтах — «ú», «курсіўнае u», «u з гачакам» («ǔ»), «w̆», «ŭ». У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзена ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. У Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча  выкарыстоўваецца курсіўнае u. Звычайнае u на месца нескладовай змешчаная ў публікацыях Кастуся Каліноўскага 1862-1863  гадоў. Сустракаюцца таксама варыянты «u з гачакам» («ǔ»).

Паступова асобная літара для гука [w] трапляе ў беларускую кірыліцу, якая з’яўляецца там не пазней за 1870 год. З гэтага часу літара «Ў» пачала ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна. Афіцыйна ўзаконіў літару «Ў» Браніслаў Тарашкевіч у сваёй граматыцы ў 1918 годзе. У наступных рэформах беларускай мовы 1930 і 1933 гадоў літару захавалі.

У савецкі час шматлікія мовы саюзных і аўтаномных рэспублік сталі перакладаць на напісанне кірыліцай. Апынулася, што і там ёсць гукі, падобныя па вымаўленні з нашым «Ў». І савецкія навуковыя лінгвісты, філолагі запазычылі літару з беларускага алфавіту. Цяпер такая літарара выкарыстоўваецца не толькі ва ўзбекскім алфавіце [Ходжиев А.П. Узбекский язык // Языки мира: Тюркские языки. — М.: Институт языкознания РАН, 1996. — С. 427], аднак і алфавіце абхазцаў i ў ненецкiм алфавіце. Але тое, што літара «Ў» не выключна беларуская, а выкарыстоўваецца і ў іншых мовах, толькі яшчэ больш павялічвае яе статус. Такім чынам, беларуская літара «Ў» стала міжнароднай.

 

ПРАЎДА

1.  У беларускай мове тры алфавіты

Далёка не кожны ведае, што ў беларускай мове існуе тры графічных сістэмы. На сённяшні дзень афіцыйна ў беларускай мове ўжываецца кірылічны алфавіт, які існуе з XIV стагоддзя. У XVI стагоддзі з’явілася лацінка. Ёй пісаліся творы ў беларускай літаратуры XIX ст. На пачатку XX ст. кірылічны і лацінічны алфавіты суіснавалі разам. Так пэўны час газета «Наша Ніва» друкавала тэксты на дзвюх графічных сістэмах, каб усе беларусы разумелі напісанае, таму што каталікі звыкліся да лацінкі, а праваслаўныя разумелі толькі кірыліцу.

Газета “Наша Ніва”, 1912 № 1 кірыліцай і лацінкай / Нацыянальная бiблiятэка Рэспублiкi Беларусь

Зараз лацінка ўжываецца ў тапаніміцы — назвах геаграфічных аб’ектаў. Таксама ёй карыстаюцца ў побытавых зносінах беларусы, якія лічаць лацінку больш зручнай сістэмай для перадачы асаблівасцяў беларускага маўлення.

З XIV ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары, якія трапілі ў палон падчас набегаў Крымскага ханства на Вялікае княства Літоўскае. Паступова татарскае насельніцтва пачало асімілявацца, а на працягу XIV-XVI стагоддзяў татары перасталі выкарыстоўваць уласную мову і пачалі выкарыстоўваць старабеларускую мову, якую запісвалі арабскім алфавітам – арабіцай. У выніку чаго з’явіліся кітабы — кнігі, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю.

Кітаб другой паловы XVIII cт., рукапiс / Нацыянальная бiблiятэка Рэспублiкi Беларусь

 

2. Беларуская мова існуе ў двух правапісах

У беларускай мове на сучасным этапе аформіліся дзве моўныя нормы: «тарашкевіца» і «наркамаўка». Першы варыянт правапісу быў закладзены ў 1918 г. мовазнаўцам і грамадска-палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам, што адлюстравана ў яго працы «Беларуская граматыка».

Вокладка Беларускай граматыкі для школ Б. Тарашкевіча, выдадзенай лацінкай. Вільня, 1931 г. / Skorina info

Такі правапіс на сёння называецца класічным або «тарашкевіцай». Ад пачатку 1990-х ім карысталiся некаторыя публiцыстычня выданні. Наогул жа тарашкевіца — назва літаратурнай нормы беларускай мовы, заснаванай на непрыманні змен, уведзеных моўнаю рэформай 1933 года. Адпаведна «наркамаўкай» называюць той беларускі правапіс, які прыцярпеў моўную рэформу 1933 года. Паходзіць ад скарочанай назвы міністэрстваў у БССР  у часы рэформы граматыкі 1933 года («наркамат» — «народны камісарыят»). Часам ёй надаюць адмоўную канатацыю, як зрусіфікаванаму правапісу, хоць важкіх падстаў для гэтага няма.

У 1990-х — 2000-х гадах практычна аформілася існаванне дзвюх беларускіх моўных норм: нормы беларускай мовы, распрацаванай у 1933 годзе і рэфармаванай у 1953 і 2008  гг., і нормы, распрацаванай Браніславам Тарашкевічам у 1918  годзе.

 

3. Дыялекты трох плямёнаў ляглі ў аснову беларускай мовы, якая тры стагоддзі была дзяржаўнай у ВКЛ

У аснову беларускай мовы ляглі дыялекты трох плямёнаў. Гэта дрыгавічы (жылі за Прыпяццю аж да Заходняй Дзвіны і ў межах верхняга цячэння Нёмана), крывічы (жылі ўздоўж сярэдняга цячэння Заходняй Дзвіны, на рацэ Палата) і радзімічы (жылі ў басейне Сожа). Можна сказаць, сённяшняя групоўка беларускіх гаворак фактычна адлюстроўвае колішняе рассяленне згаданых плямёнаў на нашай тэрыторыі.

Важна ведаць, што з XIV ст. і да 1696 года беларуская мова (канешне не ў сучасным лiтаратурным сэнсе, а яе правобраз) была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. На ёй пісаліся законы, юрыдычныя і прававыя акты. Менавіта на ёй былі напісаныя тры Статуты Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.) — свод законаў ВКЛ, які складаў прававую аснову дзяржавы.

Статут ВКЛ 1588 г. / Нацыянальная бiблiятэка Рэспублiкi Беларусь

Пасля аб’яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага ў 1569-м годзе пачалася паланізацыя насельніцтва Княства. Скончылася гэта поўным выцясненнем беларускай мовы з афіцыйнага ўжытку. З 1696 г. справаводства Рэчы Паспалітай было пераведзена выключна на польскую мову. З таго часу беларуская мова ўжывалася толькi ў побыце.

 

4. Беларуская мова афiцыйна знаходзiцца ў небяспечным стане

У свеце налічваецца 7 000 моў, аднак 40% з іх пад пагрозай знікнення. Кожныя 2 тыдні знікае мова. У Атласе моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, складзеным па ініцыятыве ЮНЕСКА, жыццяздольнасць беларускай мовы ў Беларусі абазначаная тэрмінам «слабая, у небяспецы». Лічыцца, што мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, калі не застаецца яе носьбітаў або калі яны перастаюць ёю карыстацца, усё радзей ужываючы ў розных сферах, і/або не перадаюць мову наступнаму пакаленню.

Дарэчы, з усіх моў планеты толькі каля двухсот маюць сваё пiсьмо. Менавiта наяўнасць уласнага пiсьма i тысячагадовай лiтаратуры, як у нас, — гарантыя таго, што ў постглабалiзаваным грамадстве мова захаваецца. Яўрэi, якiя дзякуючы пiсьмовым крынiцам рэстаўравалi iўрыт, гэта ўжо даказалi.

 

5. У беларускай мове адначасова выкарыстоўваюцца дзеясловы «знаць» і «ведаць», «любіць» і «кахаць»

Дзеясловы «знаць» і «ведаць» нароўні выкарыстоўваюцца ў беларускай мове.  «Знаць» выражае вонкавае павярхоўнае знаёмства з чым-небудзь, а «ведаць» – вынік больш менш поўнага і грунтоўнага прасякнення ў нутраную існасць чаго-небудзь, вывучэння.

У беларускай мове здаўна ёсць слова «знаць». Сёння часцей ужываецца сінонім ведаць, але гэта не значыць, што ён адзіна «правільны». Дзеяслоў «знаць» ёсць у іншых сучасных славянскіх мовах: ва ўкраінскай, польскай, чэшскай, сербскай, македонскай і інш. Гэтае слова ўжывала шмат нашых класікаў беларускай літаратуры і ў сучаснай беларускай мове ў гэтага дзеяслова шмат аднакарэнных слоў: вызнаваць, зазнаць, знаўца, мовазнаўства, пазнаць, прызнаць і г. д. Ёсць яшчэ такі цудоўны назоўнік «знаццё» (г.зн. веданне, прадбачанне), які ўтварыўся якраз ад дзеяслова «знаць». Такога прыклада дастаткова, каб уцяміць, чаму адпаведнікам да рускага «знать» ў беларускай частцы слоўнікаў ідзе не толькі «ведаць».

Прычым слова «знаць» выкарыстоўваецца ва ўсіх дыялектах беларускай мовы і характэрна для лексікі не толькі беларусаў з усходняй часткі краіны, але і тых, хто нарадзіўся на захадзе Беларусі.

Калі «знаць» і «ведаць» вельмі блізкія па значэнні словы, то вось з дзеясловамі «любіць» і «кахаць» крыху іначай. «Любіць» і «кахаць» — быццам блізкія словы, але прымяняюцца для розных жыццёвых сітуацый. Дзеяслоў «любіць» абазначае, што чалавек адчувае глыбокую адданасць, прыхільнасць, павагу да кагосьці або чагосьці, а таксама адчувае прыхільнасць да асобы супрацьлеглага полу; мае цягу да нечага (напрыклад, да мастацтва), а яшчэ — мае давер да кагосьці.

«Кахаць» — слова з больш вузкім аб’ёмам значэння, якім абазначаецца іншая эмоцыя. Кахаць гэта значыць мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы іншага полу. Таму яно і спалучаецца толькі з назвай асобы супрацьлеглага полу. Такім чынам, кахаюць жонку, мужа, нявесту, жаніха, дзяўчыну, хлопца. А вось любяць маці, дачку, сына, тату, бабулю, Радзіму.

 

Чытай нас там, дзе табе зручна!