Myth hunters #5. Беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці да ХХ стагоддзя?

Адным з самых моцных i уплывовых мiфаў савецкай гiсторыi было сцвярджэнне, што беларусы набылi сваю дзяржаўнасць толькi дзякуючы кастрычнiцкай рэвалюцыi i бальшавiкам. Гэтым чынам перакрэслiвалiся стагоддзi багатай гiсторыi i дзяржаўнага будаўнiцтва. Каму ж тады належылi Полацкае i Тураўскае княствы i Вялiкае княства Лiтоўскае? Чым абгрунтавана такое лёгкае адмаўленне ад паловы тысячагоддзя гiстарычнай спадчыны беларусаў? I што нам прапануюць узамен? Шукайце адказы на гэтыя пытаннi ў эксплэйнеры Myth hunters. Упершыню на беларускай мове!

 

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версiя.

Стварэнне сваёй дзяржавы – гэта доказ высокага развіцця народу, вынік дасканаласці і развітасці грамадства. Вытокі дзяржаўнасці Беларусі бяруць свой пачатак ў сівой мінуўшчыне. Мы з’яўляемся пераемнікамі больш чым тысячагадовай традыцыі дзяржаўнага існавання, карані якой сягаюць у ІХ cт. Але доўгі час пытанне дзяржаўнага будаўнiцтва на Беларусi жудасна фальсіфікавалася, асабліва з боку польскай і расійскай гістарыяграфіі на сваю карысць. Гісторыкі-фальсіфікатары стваралі штучныя навуковыя канцэпцыі, у якіх “даказвалі”, што беларусы ніколі не мелі сваёй дзяржаўнасці, перыядычна далучаліся то да старажытнарускай дзяржавы, то да ВКЛ, то да Рэчы Паспалітай, то да Расіі.

У савецкі час лічылася, што беларусы атрымалі сваю дзяржаву толькі ў 1919 годзе, дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі. Такі падыход быў узведзены ў ранг закону і замацаваны ў Канстытуцыі БССР 1978 года. У грамадска-палітычных умовах 30–80-х гадоў XX ст. айчынная гістарычная навука адмовілася нават ад намёкаў на існаванне ўласнай дзяржаўнасці ў мінулым. Адмаўляючы багатыя гістарычныя традыцыі беларускай дзяржаўнасці гісторыкі сфарміравалі ў пераважнай большасці насельніцтва комплекс гістарычнай няпаўнавартаснасці і пераканалі ў гэтай няпоўнавартаснасці сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў. Між тым, з летапісных крыніц вядома, што асновы дзяржаўнасці ў нашых продкаў з’явіліся яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі.

 

Полацкае княства – гэта першая беларуская дзяржава, якая мела не ўяўны, а сапраўдны суверэнітет і сама распараджалася сваім лёсам. На працягу стагоддзяў яна захоўвала ўсе найважнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці: заканадаўчую ўладу ў выглядзе веча, выканаўчую ўладу ў асобе князя, уласную княжацкую дынастыю Рагвалодавічаў-Усяславічаў, стабільную тэрыторыю, магутнае войска. Полацкая зямля праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, вызначалася знешнепалітычнай і вайсковай актыўнасцю.

У XXI стст. Полацкае княства з’яўлялася адным з буйнейшых і магутных княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і супернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб’яднанні ўсходнеславянскіх земляў. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню Полацкае княства ні ў чым не саступала развітым дзяржавам таго часу. Вызначальную ролю ў гістарычным развіцці Усходняй Еўропы, у тым ліку і Полацкай зямлі, меў водны шлях “з варагаў у грэкі”, які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаўнаўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе.

У гісторыі старажытных земляў Беларусі значнае месца таксама належыць Тураву, вакол якога ў Х ст. сфарміравалася другое па значэнню ранняе сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне. З самага пачатку Тураўскае княства развівалася як самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі гэтай пабудове атрыбутамі: тэрыторыяй, вярхоўнай уладай, асаблівым грамадска-палітычным ладам, вайсковай сілай. Гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што да канца Х ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя князёў, чый радавод быў спынены падчас утварэння моцнай дзяржавы Уладзіміра Святаславіча. Але нават будучы пазбаўленым палітычнай самастойнасці ў складзе Кіеўскай зямлі, Тураўскае княства заставалася эканамічна самастойным і тэрытарыяльна цэласным, а залежнасць абмяжоўвалася толькі штогадовымі выплатамі даніны.

Тураўская зямля была адным з развітых у сацыяльна-эканамічных адносінах княстваў Русі, пра што сведчыць спроба яго адасаблення ад Кіева ўжо пры Уладзіміру Святаславічу. Яна з’яўлялася і адным з самых палітычна значных княстваў Русі. Паводле існаваўшай чарговасці, тураўскія князі неаднаразова станавіліся вялікімі князямі кіеўскімі і пры гэтым захоўвалі за сабой Тураў.

 

Самай славутай эпохай у нашай нацыянальнай гісторыі і найважнейшым перыядам у беларускай гісторыі з’яўляецца час ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага.  Да пачатку ўзнікнення ВКЛ на тэрыторыі Беларусі існавала прыкладна 30 княстваў, што сведчыла пра феадальную раздробленасць. З канца 30-х па 40-я 13 ст. пачынаецца новая эпоха беларускай гісторыі – эпоха ВКЛ, новай дзяржавы, якая бярэ пачатак з беларускага Панямоння – Наваградскага княства.

ВКЛ праіснавала больш за 500 год, што з’яўляецца даволі рэдкай з’явай для краіны з буйной тэрыторыяй і поліэтнічным насельніцтвам, якая ў 14 стагоддзі ахоплівала тэрыторыі ад Балтыкі да Чорнага мора. Прычым Вялікае княства Літоўскае гэта дзяржава з высокай юрыдычна-прававой культурай, развітым кнігадрукаваннем, з талерантным падыходам да веравызнання. І ядром такой дзяржавы былі менавіта беларускія землі, а старабеларуская мова і культура былі доўгі час пануючымі, пагэтаму ВКЛ можа лічыцца беларускай дзяржавай.

Якія ж фактары сведчаць аб беларускасці ВКЛ:

  1. ВКЛ стварался на беларускіх землях. Першая сталіца – Наваградак. Так званая Літва Міндоўга была на самой справе на Наваградчыне.
  2. Жамойцкія землі (сённяшняй тэрыторыi Літвы) былі далучаны да ВКЛ толькі ў 1410-1422 г., пры князе Вітаўце. Толькi пасля гэтага, дзяржава атрымала ў назву дадатак Вялiкае княства Лiтоўскае i Жамойцкае праз вельмi значны час ад заснавання Княства.
  3. Дзяржаўная мова да канца 17 ст. у ВКЛ (600 тамоў літоўскай метрыкі) – старабеларуская (хоць i называлася яна iнакш). Бо гэта быў дамінуючы этнас з развітай пісьмовай мовай, ні ў жамойтаў, ні ў Аўкштайтаў, ні ў Літвы на той час распрацаванай мовы не было.
  4. Продкі сённяшніх літоўцаў у ВКЛ складалі 2/10 усяго насельніцтва, а іх тэрыторыя – толькі 1/10.
  5. У лiтоўцаў раней пачалося нацыянальнае адраджэнне, пагэтаму яны ўзялі назву ўсёй поліэтнічнай дзяржавы сабе, а таксама прысвоілі яе герб –  “Пагоню”.

 

Такім чынам, можна канстатаваць, што беларусы з’яўляюцца дзяржаўным і гістарычным народам, які мае прыклады моцнай і развітой дзяржаўнасці ў сваім багатым мінулым. Нездарма ў прэамбуле да Канстытуцыі 1994 г., адзначалася, што “… народ Рэспублікі Беларусі … прымае гэтую Канстытуцыю, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці”. Гэтым самым падкрэслівалася, што наша дзяржаўнасць пачалася не з 1917 г. і не з ліпеня 1944-га. І сапраўды вытокі нашай сённяшняй дзяржаўнасці трэба шукаць у Вялікім княстве Літоўскім, а таксама ў Полацкім і Тураўскім княствах.

 

Крынiцы, што мы выкарыстоўвалi:

  1. Довнар Т.I. Гiсторыя дзяржавы i права Беларусi (у схемах): вучэбна-метадычны комплекс у 2-х частках. – Мiнск: БДУ, 2013.
  2. Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяд. Мн., 1990.- 365 с.
  3. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 208 с.
  4. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мн., 2001.- 412 с.

 

Чытай, глядзi, слухай нас там, дзе табе зручна!