Беларуская мова — сялянская і дыялект рускай?
Навигация по статье
Нягледзячы на статус дзяржаўнай мовы ды мовы тытульнай нацыі, беларуская мова неўзабаве перажывае цяжкія часы. На беларускіх вуліцах яе не чуваць, адзін з дзясяткаў супрацоўнікаў сферы паслуг адкажа на ёй пры запыце, а некаторыя грамадскія дзеячы нават дазваляюць сабе лаяць і крыўдзіць галоўны нематэрыяльны здабытак беларускага народа.
Хэйтэры, якім здольнасцяў хапіла толькі на тое-сёе валоданне адной, рускай мовай, цкуюць з напісання, вымаўлення ды гісторыі мовы беларускай. Яе называюць «сялянскай», «недаробленай» ды «змагарскай». У нашым эксплэйнеры Myth hunters мы задаемся пытаннем, ці мае хоць адна з гэтых абразаў права на існаванне.
Відэаверсія эксплейнера
Тэкставая версія эксплэйнера
Кароткая гісторыя мовы беларускай
Існаванне беларускай мовы налічвае амаль тысячу год. Канешне, мова, якая была ў нашых продкаў часоў Полацкага княства, і сённяшняя беларуская мовы моцна адрозніваліся. Бо мова ў пэўным сэнсе — жывы арганізм, што развіваецца і змяняецца з часам.
Філолагі вылучаюць ў развіцці беларускай мовы тры перыяды:
- Агульнаўсходнеславянскі (ХІ — пачатак ХІV ст.), калі афармлялася агульная літаратурная мова ўсходніх славян.
- Старабеларускі (XIV — XVIII ст.) — час фармавання і развіцця старабеларускай літаратурнай мовы.
- Новабеларускі (ХІХ — ХХ ст.), калі фарміравалася сучасная беларуская мова.
Росквітам беларускай мовы можа лічыцца перыяд XIV — XVII стагоддзяў, калі яна не проста мела шырокі распаўсюд, але і статус дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім.

З-за маштабнай паланізацыі XVII—XVIII ст. старабеларуская мова пачала адцясняцца на ўскраек грамадскага жыцця. А ў ХІХ стагоддзі на месца паланізацыі прыйшла русіфікацыя, што яшчэ больш пагоршыла стан беларускай культурнай традыцыі.
Адраджэнне пачало адбывацца з канца ХІХ — пачатку ХХ ст. натхнёнай працай маладых беларускіх літаратараў і публіцыстаў, такіх як Максім Багдановіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Антон і Іван Луцкевічы і шмат іншых.
Літаратурная нармалізацыя беларускай мовы і яе далейшае развіццё сталі вельмі важным і неабходным этапам афармлення беларускай нацыі. Беларуская мова надалей была адной з дзяржаўных у БССР, а потым і ў Беларусі.
З 1918 года існуе дзве нормы беларускай мовы, так званыя «тарашкевіца», распрацаваная Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе. І «наркамаўка», кадыфікаваная згодна з дзяржаўнай рэформай 1933 года.
Падзеі 1812 года — айчынная вайна для Беларусі?
Беларуская мова — дыялект рускай?
Цяпер жа разгледзім асноўныя міфы, што існуюць у дачыненні да беларускай мовы. І пачнем з самага абразлівага, што беларуская мова — не болей чым дыялект мовы рускай. Прыхільнікі гэтай тэорыі апелююць то да сваіх пачуццёў, то да таго факту, што нават пад час Вялікага княства Літоўскага старабеларуская мова звалася «рускай».
Звалася сапраўды так. Але ж гэты факт ніколькі не замінае лічыць беларускую мову асобнай. І хутчэй заахвочвае разгледзець абгрунтаванасць назвы сучаснай рускай мовы. Бо са старажытнаславянскіх часоў усе тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх плямён пад кіраваннем варагаў зваліся Руссю. І на гэтую назву ў роўнай меры могуць прэтэндаваць і Расія, і Беларусь, і Украіна.
Ужо з XIV стагоддзя пачынаюць накаплівацца лінгвістычныя асаблівасці беларускай мовы — аканне, яканне, дзеканне і цеканне. З часам яны разаўюцца ў галоўныя яе прыкметы.
Доказам таго, што старажытнабеларуская мова — асобная ад мовы Расеі — з’яўляецца той факт, што ў Маскве тых часоў мова нашых продкаў лічылася «літоўскай», і яе там слаба разумелі, патрабуючы перакладніка. Нашыя продкі, ліцьвіны, мову суседняй дзяржавы называлі «маскоўскай».
«Літоўскай» старабеларускую мову называлі і заходнееўрапейскія падарожнікі. Да прыкладу, у першай палове XVI ст. аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Гэрбэрштайн пісаў, што па-літоўску (гэта значыць па-старабеларуску) бізон будзе зубр (Suber). Тым часам летувісы завуць гэтага звера stumbras.
У сувязі з гэтым цалкам абгрунтавана выдзяленне асобных беларускай і рускай моў. Яны маюць агульныя славянскія карані, але з XIV стагоддзя развіваюцца паасобку.
Князі ВКЛ захапілі беларускія землі праз войны? — Myth hunters
Ці можна лічыць гаворку беларусаў сялянскай?
У XIV стагддзі старабеларуская мова ўжо была шырока распаўсюджанай мовай у ВКЛ, на якой размаўлялі і пісалі ўсе пласты грамадства — мяшчане, сяляне, гандляры і арыстакратыя. Як інакш, калі гэтая мова была дзяржаўнай. Кожны адукаваны чалавек павінен быў ёю валодаць.

Цягам XV–пачатку XVII стст. старабеларуская мова была асновай дзяржаўных, дыпламатычных, дзелавых і прыватных дакументаў. Па-старабеларуску складалася Літоўская метрыка і статуты ВКЛ, што былі правобразамі канстытуцыі дзяржавы. На старабеларускай выйшла і першая газета-аднадзёнка ВКЛ — «Навіны грозные а жалостлівые…» Усе гэтыя дакуманты разлічваліся не на сялян, а на заможных адукаваных жыхароў, гонар грамадства ў любой краіне. Такім чынам, беларуская мова не сялянская, а агульнаграмадская.
Беларуская мова створана толькі бальшавікамі?
Яшчэ адзін гістарычны міф, прыцягнуты, каб прынізіць статус мовы нашых продкаў. Як мы ўжо ўспаміналі раней, на старабеларускай мове, нягледзячы на яе архаічную назву «руская», ствараліся выдатныя помнікі старажытнай літаратуры і права.
Старабеларуская мова стала чацвёртай славянскай, пасля чэшскай, польскай і сербскай, на якой пачалося кнігадрукаванне. Першая кніга па-старабеларуску была надрукавана Францыскам Скарынам у 1517 годзе. За Бібліяй Скарыны рушылі услед буквары Лаўрэнція Зізанія і Спірыдона Собаля, рэлігійныя выданні Сымона Буднага і Васілія Цяпінскага, адметныя помнікі сярэднявечнага права, статуты ВКЛ. Яшчэ за чатыры стагоддзі да бальшавікоў беларуская мова развівалася і выдавалася.
Міф аб бальшавіцкім укладзе ў з’яшленні беларускай мовы ўзнік з-за той ролі «вызваленцаў нацый» з турмы народаў, якую сабе прыпісалі савецкія камуністы. Адна з нармалізацый літаратурнай мовы Беларусі сапраўды адбылася ў 1933 годзе. Але, па-першае, гэта была толькі другая спроба стандартызаваць беларускую мову (першая была ў 1918 годзе). А па-другое, стварэнне літаратурнай мовы зусім не азначае, што дагэтуль яе не было. Напрыклад, літаратурная італьянская мова аформілася толькі ў 2-й палове ХІХ стагоддзя. Але ж да гэтага былі стагоддзі яе карыстання.
Беларусы i мат. Цi ўласцiва беларусам мацерная лаянка? — Myth hunters
На беларускай мове размаўляюць толькі дысідэнты?
Пэўныя дэструктыўныя каналы сцвярджаюць, што на беларускай мове размаўляюць толькі апазіцыянеры. Гэтым чынам яе зрабілі нейкім палітычным атрыбутам і сімвалам супрацьстаяння. Але ж мовы ствараюцца для камунікатыўных мэтаў, а не для палітычных. І атаясамляць беларускую мову толькі з пэўнай палітычнай ці сацыяльнай групай будзе няправільна.
Да таго ж міф разбіваецца вынікамі перапісаў насельніцтва Беларусі. Пад час кожнага перапісу насельніцтва беларускую мову зазначала роднай большасць насельніцтва краіны. Так, паводле перапісу 2019 года больш пяці мільёнаў ці 54% насельніцтва Беларусі прызналі беларускую мову роднай. Да таго 26% зазначылі яе мовай хатніх зносін.
Беларуская мова — гэта галоўны здабытак нематэрыяльнай культуры беларусаў. Неад’емная частка душы народа і наша асноўная адметнасць. Без яе ня будзе ні нацыі, ні асаблівага менталітэту. Таму не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі.
Спіс выкарастаных крыніц
- Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі. — Мінск: Юніпак, 2002. — 127 с.
- Бярозкіна, Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі, (XVI — пачатак ХХ ст.): вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ / Н. Ю. Бярозкіна. – 2-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2000. – 200 с.
- Вынікі перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года. Статыстычны зборнік. Т.2. — Мінск: Альціора Форте. — 491 с.
- Герберштейн, С. Записки о Московии (Rerum moscoviticarum commentarii) / пер. И. Анонимов. — Санкт-Петербург: тип. В. Безобразова и К°, 1866. — 258 с.
- Гісторыя беларускай літаратурнай мовы: вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне / Складальнік А.С. Дзядова. — Віцебск: ВДУ імя П.М. Машэрава, 2018. — 160 с.
- Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563-1917 гг.): вучэбна-метадычны комлекс / С.В. Говін. — Мінск: БДУ, 2003. — 99 с. .
- Жураўскі, А.І. Беларуская мова / А.І. Жураўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. — Т. 1. — Мінск: БелЭн, 1993.
- Повесть временных лет / Пер. с древнерус. Д. С. Лихачева, О. В. Творогова. Комм. и статьи А. Г. Боброва, С. Л. Николаева, А. Ю. Чернова, А. М. Введенского, Л. В. Войтовича, С. В. Белецкого. — СПб., 2012.
- Подведены итоги переписи населения Республики Беларусь 2019 года // Pravo.by.
- «Руская» мова // BelHistory. Гісторыя Беларусі.
- Статуты Великого княжества Литовского // Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь.
- Тарашкевіца vs Наркамаўка: наша мова // Vitebsk.biz.
- Янкоўскі, Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы / Ф.М. Янкоўскі. — Мінск: Вышэйшая школа, 1989. — 146 с.
- 19 стагоддзе беларускай мовы // Наша слова.
Спадабаўся матэрыял? Прачытай іншыя навіны, правераныя на фэйк, ці навучайся медыяпісьменнасці самастойна!
Чытай, глядзі, слухай нас там, дзе табе зручна!




