Беларуская мова другая па мілагучнасці ў свеце паводле ЮНЕСКА?

Кожны народ любіць сваю мову і лічыць яе лепшай. Як можа быць інакш, калі яна суправаджае чалавека з люлькі, злятае з матчыных вуснаў і кожны дзень дае асалоду стасункаў з сябрамі? І ўсё ж, ці ёсць у свеце мовы, якія гучаць лепей за другія? У сеціве распаўсюджаны станоўчы адказ на гэта пытанне. Згодна са шматлікімі паведамленнямі, беларуская мова другая па мілагучнасці, што прызнана ЮНЕСКА. Ці сапраўды гэта так? Мы праверылі тэзу, якой не меней за дваццаць год.

 

Праца выкана ў сааўтарстве з выпускніцай адукацыйнага курса «Checked. Дэзінфармацыя і медыяпісьменнасць» Наталляй Г.

 

Адкуль сцвярджэнне, што беларуская мова другая па мілагучнасці ў свеце?

Першым задакументаваным выпадкам распаўсюду тэзы аб нейкім спаборніцтве моў можна прызнаць публікацыю ў газеце «Свобода» ад 1893 года. «Свабода» пазіцыянуецца як старэйшая ўкраінамоўная газета, што выходзіць бесперапынна з 1893 года. Яе стварылі эмігранты-русіны (усходнеславянская народнасць Заходняй Украіны). 1 кастрычніка 1893 года на першай паласе газеты змясціўся артыкул «Любі свое», у якім можна знайсці словы:

«Наша руска мова, якъ каже одинъ учёный профессоръ Бантышъ-Каменский, есть второю по италіяньской що до звучности…»

Зміцер Бантыш-Каменскі — гэта рускі гісторык і дзяржаўны дзеяч 19 стагоддзя. Значную частку сваёй працы ён прысвяціў тэрыторыям Украіны і Малдовы (меў малдаўскія карані). Як бачна з цытаты, ён казаў не пра менавіта беларускую, а пра «рускую мову», якая на той час атаясамлялася з мовай Літоўскай Русі (гэта значыцца старабеларускай і стараўкраінскай).

Беларуская мова другая па мілагучнасці - газета Свобода
Першы ўспамін пра тое, што «руска мова» другая па мілагучнасці ў свеце – на старонках газеты «Свобода» / Скрыншот Azbuka media

Далейшае абгрунтаванне тэза атрымала ў беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі. У 1927 годзе ў нарысе «Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы» ён пісаў:

«Трэба адзначыць раней, што найбольш мілагучныя мовы сьвету (італьянская і ўкраінская) маюць тую асаблівасьць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасьць галосных і зычных… Беларуская мова з большага набліжаецца паводле чаргаваньня галосных і зычных гукаў да згаданых моваў, але ўсё-ж поўнай роўнавагі не дасягае. На дапамогу прыходзяць асабліва музычныя гукі».

Натуральна, што ні Дубоўка, ні Зміцер Бантыш-Каменскі дачынення да ЮНЕСКА не мелі. Ды і спасылак на іншыя конкурсы не рабілі. Іх погляд, безумоўна, быў поглядам даследчыкаў. Але нават праз гэта ён заставаўся суб’ектыўнай думкай, а не аб’ектыўным фактам.

 


Myth hunters: Беларусы i мат. Цi ўласцiва беларусам мацерная лаянка?


 

2000-я годы: у тэзу пра мілагучнасць беларускай мовы дадаецца ЮНЕСКА

З распаўсюдам СМІ тэза пра асаблівую мілагучнасць беларускай мовы ўсё болей шырыцца. Пра гэта пісалі не толькі асобныя карыстальнікі, але і беларускія ўстановы адукацыі, дзяржаўныя і грамадскія органы і буйныя беларускія медыя, такія як АНТ і СТВ. Так, апошняе сцвярджае:

«Беларуская мова другая па мілагучнасці ў свеце пасля італьянскай. Гэты факт, безумоўна, ведаюць беларусы».

І сапраўды, не толькі ведаюць, але яшчэ і распаўсюджваюць сумнеўны факт. Як піша «Настаўніцкая газета»:

«Дзеці запамінаюць і расказваюць бацькам і знаёмым, што беларуская мова другая ў свеце па мілагучнасці, да таго ж адна з самых багатых у свеце».

Да таго ж міф атрымоўвае новае, аўтарытэтнае абгрунтаванне. Быццам бы другой па мілагучнасці беларускую мову прызнала ЮНЕСКА (UNESCO — праграма ААН па развіцці адукацыі і навукі). Адзін з першых успамінаў пра гэта фіксуецца ў сеціве ў 2006 годзе, у працы беларускага пісьменніка і журналіста Станіслава Судніка «Беларуская мова — наша найвялікшае багацце». Спадар Суднік даў і філалагічнае тлумачэнне высокай адзнакі. Згодна з ім мілагучнасць беларускай мовы грунтуецца на тым, што:

  • Большасць складоў у беларускай мове адкрытыя, яны надаюць мове плаўную музычнасць.
  • Мова мае адметны санорны гук “ў”, які з’яўляецца паўгалосным і амаль нідзе ў свеце болей не сутракаецца.
  • Шэраг зычных гукаў маюць унікальнае эстэтычные гучанне — вельмі мяккія ц’, дз’, с’, з’, н’, адметныя зычныя дж, ч, р, падоўжаныя л’, н’, з’, с’, дз’, ц’.
Ў нескладовае беларуская мова
Адна з адметнасцей беларускай мовы — літара «Ў» (у нескладовае), якой нават усталявалі помнік у старажытным Полацку / Фота PlanetaBelarus

 


Myth hunters: Беларуская мова — сялянская і дыялект рускай?


 

Эстэтыка гучання дасягаецца таксама праз чаргаванне гукаў, поўнагалоссе, прыстаўныя галосныя і зычныя, асаблівасці націску і г.д.:

«Беларуская мова — гэта мова народу… Калі мова просіць прыстаўны гук, то народ і дадае; калі гук лішні, то народ адбірае. Ну не можа беларус па законах мілагучнасці пасля “акна” сказаць “окны” – ён кажа “вокны”» піша Станіслаў Суднік.

Носьбітам беларускай мовы з гэтым цяжка спрачацца. Усё ў ёй быццам бы арганічна і правільна. Аднак зноў ніякіх прамых спасылак на ЮНЕСКА няма. Дык ці праводзіла структура ААН такія конкурсы?

 

ЮНЕСКА складала ліст моў па мілагучнасці?

На сайце ЮНЕСКА ці ў сацсетках праграмы ААН ніколі не публікаваліся рэйтынгі мілагучнасці ці прыгажосці сусветных моў. Гэта таксама пацвердзіла афіцыйны прадстаўнік ЮНЕСКА, кіраўніца прэс-службы арганізацыі Паліна Уард:

«Пасля праверкі нашымі экспертамі ЮНЕСКА ніколі не праводзіла апытанняў ці даследаванняў па гэтай тэме».

Ускосна фэйкавасць спіса моў па мілагучнасці пацвярджае і тое, што ў розныя часы ды ў розных краінах самымі мілагучнымі абвяшчаліся розныя мовы. Так, фактчэкінгавае агенцтва Agence France-Presse (AFP) разбірала віральную тэзу пра бенгальскую мову, якая быццам бы таксама прызнавалася самай мілагучнай у свеце. А пасля яе апынуліся гішпанская ды галандская мовы. Сцвярджэнне існуе ў сеціве не меней як з 2010 года. Але яшчэ тады, па гарачых слядах, выданне Times of India звяртала ўвагу на адсутнасць афіцыйнага пацвярджэння ад ЮНЕСКА наконт нейкіх даследванняў ці апросаў прыгажосці моў.

Бенгали самый красивый язык ЮНЕСКО фейк
Пакуль італьянцы і беларусы святкавалі ўшанаванне ЮНЕСКА іх моў на другім канцы света самымі мілагучнымі абвясцілі бенгалі / Скрыншот Azbuka media на падставе публікацыі карыстальніка

У сеціве таксама можна знайсці шмат іншых «рэйтынгаў ЮНЕСКА». У залежнасці ад нацыянальнасці аўтараў публікацый гэтыя «рэйтынгі» прызнаюць самымі мілагучнымі розныя мовы — французскую, украінскую, італьянскую і нават эстонскую. Але ўсі рэйтынгі аб’ядноўвае адно — адсутнасць рэальных падстаў і дакументальных пацверджанняў.

 

Кароткая выснова наконт праўдзівасці

Сцвярджэнне, што беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой па мілагучнасці пасля італьянскай, з’яўляецца фэйкам. Нягледзячы на шырокі распаўсюд тэзы, у яе няма ніводнага дакументальнага доказа. У дачыненні да шэрагу іншых моў у сеціве таксама можна знайсці падобныя сцвярджэнні. Аднак ЮНЕСКА адмаўляе існаванне нейкіх апытанак ці даследванняў мілагучнасці моў свету.

 

Спадабаўся артыкул? Прачытай іншыя навіны, якія мы праверылі, альбо навучайся медыяпісьменнасці самастойна!

Шукаеш, дзе глядзець правераныя навіны? Падпісвайся!