23 лютага і 8 сакавіка: міфы і праўда пра «гендэрныя святы»: Fakefighter Observer #28
23 лютана і 8 сакавіка – дзве даты, якія на поставецкай прасторы актыўна святкуюцца, як і раней у часы Савецкага Саюза. Аднак гісторыя ўзнікнення «мужчынскага» і «жаночага» дзён заблыталіся і падзабыліся. 23 лютага ў большасці краін былога СССР на дзяржаўным узроўні адзначаецца як Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, хоць на побытавым узроўні проста стаў мужчынскім днём, калі віншуюць ўсіх, нягледзячы на прафесію і ўзрост. Міжнародны жаночы дзень у сучаснасці асацыюецца ў першую чаргу з лішнім выходным і абавязковымі кветкамі і падарункамі для жанчын, у той час як першапачатковыя палітычныя і сацыяльныя сэнсы даты застаюцца амаль без увагі. З гэтай нагоды мы сабралі міфічныя і праўдзівыя факты пра гэтыя даты ў нашым календары. Разбіраемся, як з’явіўся Міжнародны жаночы дзень і Дзень абаронцаў Айчыны і чаму сёння 8 Сакавіка і 23 лютага ўспрымаюць інакш, чым раней.
Факты міфiчныя
Міф 1. 23 лютага – мужчынскі дзень
Гэтую дату мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. У савецкія часы па ўсёй вялікай краіне 23 лютага адзначаўся як «Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флота». Святочная дата была афіцыйна ўведзена ў Савецкім Саюзе 27 студзеня 1922 года, калі Прэзідыум Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта РСФСР апублікаваў пастанову аб чацвёртай гадавіне Чырвонай арміі.
З 1922 года ў СССР гэта дата штогод традыцыйна адзначалася як «Дзень Чырвонай арміі», з 1946 года – «Дзень Савецкай арміі», а з 1949 i да развала СССР – «Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту».
У цяперашні час 23 лютага па савецкай традыцыі лічыцца святам мужчын. У гэты дзень прынята віншаваць усіх знаёмых мужчынскага полу, пачынаючы з дзіцячага ўзросту і заканчваючы старымi. Афіцыйна гэта дзень вайскоўцаў і ветэранаў узброеных сіл, але ў масавай свядомасці ён традыцыйна разглядаецца як дзень усіх мужчын.
Пры гэтым ёсць сапраўдны Міжнародны мужчынскі дзень і адзначаецца ён 19 лістапада. Арганізатары свята робяць упор на захаванне здароўя хлопчыкаў і мужчын любога ўзросту, і падкрэсліваецца пазітыўны ўплыў мужчын на сям’ю і выхаванне дзяцей. Міжнародны мужчынскі дзень адзначае больш як 60 краін свету і мае падтрымку з боку міжнародных арганізацый ААН і ЮНЭСКА.
Мiф 2. 23 лютага 1918 года вайсковыя фармаванні маладой савецкай арміі далі моцны бой кайзераўскім войскам пад Псковам
Урачыстасці з нагоды даты 23 лютага звязваліся з падзеямі 1918 г., калі ішла Першая сусветная вайна. 18 лютага 1918 года германскія і аўстра-венгерскія войскі пачалі наступ па ўсім Усходнім фронце. Іх наступ быў даволі імклівым, бо ў бальшавікоў практычна не мелася дастатковай колькасці ўзброеных падраздзяленняў.
23 лютага 1918 года быў апублікаваны заклік Савета народных камісараў ад 21 лютага «Сацыялістычная айчына ў небяспецы». Таксама менавіта ў гэты дзень пачаўся масавы запіс добраахвотнікаў у Чырвоную армію.
У савецкай гістарычнай літаратуры быў створаны міф пра тое, што 23 лютага 1918 года першыя вайсковыя фармаванні бальшавікоў нібыта далі рашучы адпор нямецкім войскам пад Псковам. Аднак дата «зацятага змагання» дастаткова штучная. Сапраўды бальшавіцкія фармаванні ўступілі ў бой з немцамі, але апошнія не панеслі моцных страт. Больш за тое, у выніку наступлення кайзераўскія войскі змаглі захапіць Пскоў, Талін і Тарту, бо бальшавіцкія атрады не змаглі трымаць абарону гарадоў. Дарэчы, менавіта 23 лютага нямецкі ўрад адправіў ультыматум У. Леніну, які бальшавікі ў далейшым прынялі на ўмовах праціўніка.
Мiф 3. 8 сакавіка адзначаецца толькі ў краінах постасавецкай прасторы
Жаночы дзень 8 Сакавіка афіцыйна святкуюць у больш чым 40 краінах, але не ўсюды аднолькава. У былых савецкіх рэспубліках захавалася традыцыя адзначаць жаночы дзень шырока. У наш час 8 сакавіка адзначаецца як Міжнародны жаночы дзень (альбо як Дзень жанчыны, Дзень маці і г.д.) і з’яўляецца непрацоўным святочным днём ва ўсіх краінах былога СССР. Выключэнні складаюць Латвія, Літва і Эстонія, хоць і там гэту дату таксама адзначаць.
Адзначаецца гэта дата ў Манголіі, Камбоджы, Лаосе і В’етнаме, дзе 8 сакавіка лічыцца непрацоўным днём. Прычым ва В’етнаме сучаснае свята ў гонар жанчын злілося са старажытным Днём памяці сясцёр Чынг. Шырока адзначаецца 8 сакавіка і ў Кітае, дзе ў жанчын у гэты дзень прадугледжаны скарочаны працоўны графiк.
У Германіі 8 сакавіка з’яўляецца рэгіанальным святам і выходным днём у Берліне. Адзначаецца Міжнародны жаночы дзень і ў Італіі. У гэты дзень італьянскія мужчыны дораць жанчынам букеты мімозы, якія сталі сімваламі жаночага дня.
Факты праўдзiвыя
Праўда 1. 23 лютага 1918 года немцы знаходзіліся ў Мінску. Пры гэтым 23 лютага 1918 г. лiчыцца днём заснавання ўзброеных сiл Беларусi
23 лютага 2018 года на дзяржаўным узроўні шырока адзначалася 100-годдзе узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а ў Гродна нават адбыўся парад з удзелам авіацыі. Вытокі узброеных сіл Беларусі шукаюцца ў савецкім войску, а менавіта з часу яго заснавання. Аднак парадокс у тым, што 23 лютага 1918 года значная частка Беларусі была захоплена кайзераўскімі войскамі, у тым ліку і сталіца Мінск.
18 лютага 1918 г. пачалося наступленне нямецкіх войскаў па ўсёй лініі Усходняга фронта. Мінск немцы занялі без бою 21 лютага, а пазней, 24 і 25 лютага кайзераўцы занялі Калінчавічы і Барысаў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з А. Мясніковым разам з салдатамі ратаваліся ўцёкамі ў Смаленск. Цікава, што немцы не мелі вялікай колькасці салдат на Усходнім фронце, бо большая частка палкоў была перакінута на Захад, дзе яны цярпелі паразу за паразай, і наступы на гарады былой Расійскай імперыі здзяйснялі невялiкiмi атрадамі, часта з 100-200 чалавек, якім бальшавікі не маглі супрацьстаяць і сыходзілі з гарадоў.
Праўда 2. Святочны дзень 8 сакавіка мае амерыканскія карані
Вытокі Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка звязаныя з падзеямі так званага «марша пустых рондаляў». 8 сакавіка 1857 года адбыліся дэманстрацыі работніц тэкстыльнай прамысловасці і пашывачных фабрык у Нью-Ёрку ў знак пратэсту супраць непрымальных умоў працы і нізкай заработнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дню, паляпшэння ўмоў працы, роўную з мужчынамі заработную плату. Страйк не даў ніякіх вынікаў, а мірны мітынг быў разагнаны паліцыяй.
8 сакавіка 1908 г. зноў у Нью-Йорку адбылася дэманстрацыя «сацыялістычных жанчын», звязаная з тэкстыльнымі забастоўкамі ў 1857–58 гадах. Тысячы жанчын патрабавалі правы голасу, выступілі супраць цяжкіх умоў працы і супраць працы дзяцей. З 1908 года штогадовыя дэманстрацыі сталі настолькі маштабнымі, што гэта заахвоціла Сацыялістычную партыю Амерыкі абвясціць 28 лютага 1909 г. Нацыянальным жаночым днём.
Штогадоваму святкаванню Міжнароднага жаночага дня паклала пачатак Другая Міжнародная канферэнцыя сацыялістак, якая адбылася ў Капенгагене ў 1910 годзе. Святкаваць гэты дзень прапанавала Клара Цэткін. Адной з мэт была абазначана барацьба за ўсеагульнае выбарчае права для жанчын. Прапанова атрымала аднадушную падтрымку больш за 100 жанчын з 17 краін, аднак дата святкавання зафіксавана не была. Таму ў розных краінах гэты дзень адзначалі ў розныя лічбы сакавіка.
Традыцыя правядзення свята 8 сакавіка (23 лютага па старым стылі) стала ўмацоўвацца паўсюдна пасля таго, як у 1914 годзе жанчыны Аўстра-Венгрыі, Германіі, Даніі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Расіі, ЗША і іншых краін правялi мітынгі супраць вайны, мілітарызму і за права голасу. Прынята лічыць, што дата была абрана ў памяць аб буйных забастоўках работніц тэкстыльных фабрык у ЗША, якія адбыліся 8 сакавіка ў 1857 і 1908 гадах.
Праўда 3. 8 сакавіка ў Савецкім Саюзе звязвалася з падзеямі Лютаўскай рэвалюцыі
На замацаванне 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага жаночага дня таксама паўплывалі падзеі лютага 1917 года ў Расіі. У 1917 годзе ў гэты дзень (23 лютага па старым стылі) пачалася забастоўка работніц ткацкіх фабрык Выбаргскага боку ў Петраградзе з патрабаваннямі «Хлеба і міру!», якая перарасла ў рэвалюцыю. Праз тыдзень імператар адрокся ад пасаду. У першыя гады савецкай улады выбаргскіх ткачых шырока ўшаноўвалі як застрэльшчыц звяржэння царызму. Пасля Лютаўская рэвалюцыя апынулася ў цені бальшавіцкага Кастрычніцкага перавароту, і дадзеная акалічнасць у СССР не акцэнтавалася. Прычым петраградскія бальшавікі скарысталіся святкаваннем Міжнароднага жаночага дня для арганізацыі мітынгаў і сходаў, якія стыхійна пераходзілі ў забастоўкі і рэвалюцыйныя дэманстрацыі.
У 1921 годзе па рашэнні 2-й Камуністычнай жаночай канферэнцыі было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка ў памяць аб удзеле жанчын у петраградскай дэманстрацыі 23 лютага (8 сакавіка) 1917 года, які стаў адной з падзей, што папярэднічалі Лютаўскай рэвалюцыі, у выніку якой была звергнута манархія.
Чытай нас там, дзе табе зручна!