Падзеі 1812 года — айчынная вайна для Беларусі?

Напалеонаўскія войны пачатку ХІХ стагоддзя былі значнымі падзеямі для ўсяго кантынента. Перакройвалася карта Еўропы, змяняліся ня толькі межы, але і лёсы народаў. А якое месца ў гэтай барацьбе мела Беларусь і вайна 1812 на беларускіх землях?

У савецкіх падручніках адказ на пытанне быў адназначным. Руска-французская вайна 1812 года называлася «айчыннай». Сцвярджалася, што  ўвесь беларускі народ разам з рускімі войскамі ўзняўся на абарону Расійскай імперыі.

Такому меркаванню далёка да праўды. У нашым чарговым эксплэйнеры мы пераканаем вас — вайна 1812 года была не яднаннем народа, а трагедыяй края і буйным грамадзянскім канфліктам для беларусаў.

 

Тэкставая версія

Між двух агней — як беларускія землі выкарыстоўвалі Расія і Францыя

Нягледзячы на масштаб і значнасць вайны 1812 года для Беларусі, яна да канца так і не асэнсавана грамадствам. Мы звязваем яе выключна з Расіяй і Францыяй, забываючыся на тое, што беларускія землі між волі сталі асноўным тэатрам дзеянняў чужой вайны. Рускі цар Аляксандр I справакаваў амбіцыёзнага французскага імператара Напалеона Банапарта на канфлікт з Расійскай імперыяй. Расплачвацца за авантуры двух самадзержцаў прыйшлося перш за ўсё жыхарам Беларусі, не меўшых аніякіх цікавасцяў да геапалітычных гульняў.

На тэрыторыі Беларусі дыслакавалася шматлікае расійскае войска, якое пакрысе рыхтавалася да вайны з Напалеонам. Размяшчэнне вялікай колькасці жаўнераў — гэта бясконцыя наборы рэкрутаў, канфіскацыя жыўнасці, фуражу, харчавання. За адзін толькі перадваенны 1811 год у беларускіх губернях забралі ў расійскую армію 15 тысяч маладых беларусаў. А наогул рэкруты з беларускіх земляў складалі тады пятую частку ў царскім войску, хоць на абшары Беларусі жыло ўсяго восем адцоткаў насельніцтва Расійскай імперыі.

У сваю чаргу Напалеон у адносінах да зямель былога Вялікага княства Літоўскага быў чалавекам цынічным і халодна выкарыстоўваў гарачыя патрыятычныя парывы нядаўніх грамадзянаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ён стварыў Варшаўскае герцагства, як аказалася, толькі дзеля таго, каб сабраць польскіх жаўнераў у сваю армію. А пасля акупацыі Гродзеншчыны, Міншчыны, Віленшчыны і Беласточчыны ім быў утвораны часовы ўрад ВКЛ на чале з Аляксандрам Сапегам, што выклікала эйфарыю ў вялікай часткі насельніцтва, найперш у шляхты.

Аднак на напалеонаўскія планы хутка прыйшлося паглядзець з іншай перспектывы. Аказалася, што галоўнымі мэтамі Напалеона былі, па-першае, паставіць жаўнераў сабе у войска. А па-другое, забяспечыць францускую армію харчаваннем і фуражом. Ніякага аднаўлення ВКЛ насамрэч не планавалася.

 

Не айчынная, а грамадзянская вайна 1812

Падчас вайны 1812 года тэрыторыя Беларусі была арэнай крывапралітных бітваў, якія суправаджаліся вялікімі ахвярамі з абодвух бакоў, а таксама прывялі да значных стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Прычым даставалася беларусам і ад французаў, і ад расейцаў.

Адносіны беларускага насельніцтва да вайны былі рознымі. Каталіцкая шляхта ў аснове сваёй перайшла на бок Францыі. Некалькі дзясяткаў тысяч беларускіх шляхцічаў удзельнічалі ў паходзе на Маскву ў складзе арміі Напалеона. Быў сфармаваны лёгкаконны полк пад камандаю генэрала Яна Канопкі, да якога далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з маёрам Мустафой Ахмантовічам. Асобны полк уланаў у тры тысячы шабляў выставіў сваім коштам князь Дамінік Радзівіл, а на Палессі быў сфарміраваны шосты пяхотны полк. Пад канец вайны на заклік да паспалітага рушання сабраліся конныя харугвы шляхты. Агулам на баку Напалеона выйшлі 24 тысячы беларускіх жаўнераў, якіх здолеў ўзброіць Часовы ўрад.

Праваслаўная шляхта ў сваю чаргу пераважна змагалася на баку Расіі. Да таго ж у выніку рэкруцкага набору ў складзе расейскага войска апынулася некалькі дзясяткаў тысяч беларускіх сялянаў.

Наогул жа беларускае сялянства ставілася да вайны адмоўна, сяляне імкнуліся захаваць нейтралітэт, хаваліся па лясах, яны не давяралі ні французам, ні рускім. Пры гэтым пэўны спадзеў на Напалеона сяляне мелі, бо спадзяваліся пазбавіцца прыгоннай залежнасці. Але Напалеон чаканні сялянаў не апраўдаў і, нягледзячы на тое, што ў шэрагу краінаў Еўропы французскі манарх зрабіў сялян вольнымі, на беларускіх землях прыгон так і застаўся існаваць.

Такім чынам, для беларускіх земляў вайна 1812 года мела рысы грамадзянскай вайны, бо частка насельніцтва (пераважна шляхта) ваявала на баку Напалеона, а другая частка — на баку Расіі.

 

Наступствы вайны для Беларусі

Вайна прынесла беларускаму народу велізарныя бедствы. Беларусь страціла мільён жыхароў, гэта значыць кожнага чацвёртага. Віцебск, Полацак, Гародня і іншыя населеныя пункты былі разрабаваныя і спаленыя. Адны загінулі ў баях, другія памерлі ад голаду і пошасцяў. У асобных гарадах насельніцтва скарацілася ў тры разы. Калі ў Мінску ў 1811 годзе налічвалася 11 200 жыхароў, то ў канцы 1812 года толькі 3 480.

Пад час адступлення напалеонаўскія жаўнеры займаліся непрыхаваным рабаваннем мірнага насельніцтва. Каб раскласці вогнішча і сагрэцца, яны разбіралі сялянскія хаты. У полымі часта гінулі бібліятэчныя, архіўныя і мастацкія зборы шляхецкіх маёнткаў. Пацярпелі і касцёлы з цэрквамі. З 300 цэркваў Мінскай епархіі у той ці іншай ступені была пашкоджана чвэрць з іх. Часцяком сакральныя і культурныя перліны выкарыстоўваліся як арсеналы, шпіталі ды стойлы.

У заходніх і цэнтральных беларускіх губерніях гандаль прыйшоў у заняпад. Пастаянныя рабаванні і рэквезіцыі з боку французскіх і рускіх войскаў, небяспека траснпартных спалучэнняў, законы ваеннага часу ў дачыненні да маёмасці прыватных асобаў прывялі да страты багаццяў, збяднення і галечы купцоў.

 

Высновы — ці можа вайна 1812 лічыцца айчыннай для Беларусі?

Такім чынам, калі для расійскай гісторыі 1812 год з’яўляецца айчыннай вайной і важнай датай у гераічным мінулым краіны, то для Беларусі гістарычная падзея з’яўляецца бядой, якая знішчыла чвэрць насельніцтва края, зруйнавала эканамічны і людскі патэнцыял беларукіх земляў.

Для беларусаў назва «айчынная вайна» ў дачыненні да руска-французскай вайны 1812 года проста недарэчна. Значная колькасць беларусаў ваявала і з таго, і з другога боку. Надзеі адной часткі, шляхты, наўпрост былі падманутыя. У той час як другая частка, сяляне-рэкруты, увогуле не магла ні на што спадзявацца, бо была загнаная ў войска сілком.

Вайна 1812 года для Беларусі была вайной краіны, што знішчыла яе мінулую радзіму, і краіны, што падманула ў абяцаннях гэтую краіну вярнуць. І наўрад ці ў гэтых умовах можна знайсці прыкметы «усенароднай падтрымкі» аднаго з бакоў.

 

Літаратура, што мы выкарыстоўвалі

  1. Арлоў, У. Як беларусы ў напалеонаўскім войску служылі / У. Арлоў // Planeta Belarus.
  2. Вайна 1812 г. на Беларусі // BelHistory.
  3. Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас / А.В. Касовіч, Н.В. Барабаш, А.А. Корзюк, В.А. Йоцюс, П.А. Мацюш, А.П. Салаўянаў. — Гл. 13. «Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.» — Мінск, 2021.
  4. Груцо, И.А. Из истории Отечественной войны 1812 г.: предварительные данные подводной разведки на р. Березине / И.А. Груцо, К.В. Баранов, А.А. Гужаловский // Памятниковедение: сборник научных трудов. — Москва, 1991. — Выпуск 2. — С. 66–70.
  5. Лаўрэш, Л. Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне / Л. Лаўрэш // Наша слова. — №24. — 13 чэрвеня 2012.
  6. Несцярчук, Л.М. Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам / Л.М. Несцярчук. — Брэст: ТАА «Паліграфіка», 2012. — 303 с.
  7. Рябков, А.С.Французско-русская война 1812 года в работах белорусских историков XX века / А.С. Рябков // Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі: матэрылы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, 28 лістапада 2003 г.: у 3 ч. Ч.1. — Мінск, 2003. — С. 50–53.
  8. Сироткин, В. Наполеон и Россия / В. Сироткин. — Москва: ОЛМА-Пресс, 2000. — 379 с.
  9. Сосна, У.А. Вайна 1812 года і беларускае сялянства / У.А. Сосна // Научные труды Республиканского института высшей школы. Исторические и психолого-педагогические науки: Сборник научных статей. В 2-х ч. Ч. 1. Вып. 6 (11) / Под ред. В.Ф. Беркова. — Мінск: РИВШ, 2008. — С. 1-13.
  10. Тарас, А. 1812 год — трагедия Беларуси / А. Тарас. — Минск: Харвест, 2018. — 248 с.
  11. Чыгрын, С. Слонімскія падмуркі: гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / С. Чыгрын. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 296 с.
  12. 1807 год. Создание Варшавского княжества, заменившего собой польское государство // Польша.ру.