Беларусы i мат. Цi ўласцiва беларусам мацерная лаянка? — Myth hunters

Мат застаецца дастаткова таямнічай з’явай, вакол якой склалася багата стэрэатыпаў. Часта можна пачуць, што беларусам не ўласціва мацерная лаянка, аднак гэта міф, які даволі моцна засеў у галовах людзей, і пакрысе ператварыўся ў непарушную ісціну і непахіснае меркаванне.

А як жа насамрэч? Цi сапраўды беларусы настолькi элеганцкiя i культурныя, што не ўжывалi цягам гiсторыi анiякiх мацерных словаў? I што беларуская мова была сапсавана рускай, якая прынесла да нас нецэнзурную лексiку? Шукайце адказы на гэтыя пытаннi ў эксплэйнеры Myth hunters, сумеснай працы з iнiцыятывай ФОРIн-офiс!

 

Аддаеце перавагу чытанню? Тады для вас тэкставая версiя

Мацерныя словы, абуральныя і абразлівыя, сёння выціснутыя на перыферыю прасторы нашай культуры. Іх ужыванне фактычна забароненае і можа стаць прычынай пакарання, аднак гэтыя словы вядомыя ўсім і ўжываюцца ледзь не кожным з нас. На дзіва, пры такой шырокай распаўсюджанасці мат застаецца дастаткова таямнічай з’явай, вакол якой склалася багата стэрэатыпаў. Часта можна пачуць, што беларусам не ўласціва мацерная лаянка, аднак гэта міф, які даволі моцна засеў у галовах людзей, і пакрысе ператварыўся ў непарушную ісціну і непахіснае меркаванне.

Канешне, адукаваны чалавек будзе адхрышчвацца ад мацерных словаў і ў лепшым выпадку выкарыстоўваць агульнавядомую курву, альбо зусім забытыя зайдоху ці галямоўжу. Хто цікавіцца айчыннай літаратурай можа прыгадаць яшчэ выразы тыпу “костка ты несвянцоная”, якім Сцяпан Крыніцкі лаіцца на сваю дачку ў вядомай купалавай п’есе “Паўлінка” ці яшчэ нешта ў такім бяскрыўздным стылі. Але ж насамрэч мат быў добра вядомы нашым продкам і гэта не была надзвычайная з’ява. У ХІХ ст. этнограф Павел Шэйн адзначаў: «Селянін наш багаты і лаянкай. У яго знойдзецца нямала выразаў гэтай слоўнай катэгорыі; ён пускае іх у ход пры самай нязначнай нагодзе». А ў нарысе Рыгора Барадуліна «Як беларусы сэксам займаюцца» можна даведацца пра некаторую спецыфіку выкарыстання мацерных словаў і нават адчуць іх мілагучнасць. А колькі разнастайных “срамных” частушак і прыпевак, якія спяваліся падчас вяселля ці радзінаў, альбо іншых абрадавых дзеяў кшталту Масленіцы ці Калядаў. Нездарма даследчыкі вылучаюць эратычны фальклор, дзе багата розных празрыстых намёкаў і адкрытых апісанняў, часам наўпрост з мацернымі словамі, каб было ўсё зразумела.

 

Мат у беларускай гiсторыi

Дагэтуль існуе ўстойлівае меркаванне, што крыніцай запазычання мацернай лексікі з’яўляецца руская мова, якая нібыта «сапсавала» беларускую. Маўляў, прыйшлі страшныя рускiя і прыахвоцілі цнатлівых беларусаў да мацюкоў. Дарэчы, як і самі рускія, што часам вінавацяць мангола-татараў, ад якіх, нібыта і пайшла мацерная мова. Падобныя меркаванні не адпавядаюць рэчаіснасці, пра што сведчыць шэраг фактаў. Першае зафіксаванае мацернае слова («пи*ьда») на тэрыторыі Беларусі адносіцца да другой паловы ХІ — першай паловы ХІІ ст. Яно выдрапанае на камені ў падмурку Сафійскага сабора ў Полацку, на якім прысутнічае пералік імёнаў, якія прынята лічыць імёнамі прадстаўнікоў будаўнічай арцелі.

Плiта з надпiсамi, Сафiйскi сабор Полацка / Фота аналiтычная газета Сакрэтныя даследваннi

Толькі адзін гэты факт адразу разбурае міф пра мат як мангола-татарскую спадчыну, бо першая згадка матнага слова на беларускіх землях ранейшая за з’яўленне на гістарычнай арэне мангола-татарскіх заваёўнікаў. А гэта сведчыць пра тое, што словы, якія мы цяпер называем ненарматыўнымі, былі вядомыя нашым продкам таксама задоўга да захопу беларускіх земляў Расійскай імперыяй.

Больш за тое, выкарыстанне простым народам мацернай лаянкі згадвае ў ХІІ стагоддзі знакаміты духоўны дзеяч Кірыла Тураўскі: «буе слово, срамословіе, бестудная словеса и плясаніе, еже в пиру, и на свадбах, и в павечерницах, и на игрищах и на улицах». Гэта надзвычай цікавае сведчанне, дзе акрэсліваецца сфера ўжывання мацернай лексікі, якое пацвярджаецца беларускім фальклорам. Такім чынам, упэўнена можна казаць пра мат як пра частку тутэйшай культуры.

 


Myth hunters #5. Беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці да ХХ стагоддзя?
Myth hunters #6. История Беларуси: мнимая исконность
Myth hunters #7: Имеет ли Беларусь право на независимость?

 

Прыклады ў беларускай гiсторыi

Прывядзем некаторыя прыклады народных песен на эратычную тэматыку з ужываннем мацернай лексікі з фальклорных збораў вядомага этнографа Міхаіла Федароўскага:

Сёнды, сендычанкі,                                                        

На балоці крынічанькі.

Box, там пізды сядзяць,

Тапорчыкі дзяржаць.

Прьппоў хуй начаваць,

Яны яго зарубаць.

Box, той хуй не дурак,

Выняў тры палачкі,

А чацьвёрты хуёк

Сюды мах, туды мах,

Выцяў пізду i па зубах.

Пашла пізда, гукаючы,

Па сім сажань ступаючы.

Як ідзе, так ідзе,

Камар мушаньку ябе.

А мой ты камарэньку,

Ябі мяне памалёньку.

Бо я муха старая,

Пізда мая не тугая.

 

I яшчэ

А дзед боб малаціў,

Баба падсявала.

Дзед у бабы папрасіў,

Баба не давала.

«Калі мне не даёш,

Не давай нікому,

Заткні пізду кулаком,

Уцякай дадому.

Я цябе прывяду

К зялёнаму дубу.

Хай цябе ваўкі ябуць,

А я ня буду»

 

Адкуль пайшоў мат?

Між іншым тэзіс, што мат мае цюркскае паходжанне з’яўляецца міфам, які даўно абвергнуты мовазнаўцамі. Так званыя мацерныя словы — гэта балта-славянская спадчына, якая ўзыходзіць да старажытнай агульнаіндаеўрапейскай мовы, што чарговы раз падкрэслівае аўтахтоннасць дадзенай лексікі для беларусаў. У асноўным увесь мат з’яўляецца вытворнымі формамі ад чатырох слоў, якія маюць індаеўрапейскую этымалогію.

Дзеяслоў «*баць» паходзіць ад індаеўрапейскага кораня са значэннем «уваходзіць, пранікаць, сукупляцца». У санскрыце вядомы яго прамы аналаг — yabhati. А вось самае першае з зафіксаваных мацерных словаў у Беларусі «пі*да» таксама ўтворанае ад індаеўрапейскага кораня *pisdeH-, які значыць «вульва». Назоўнік «х*й» мовазнаўцы выводзяць ад індаеўрапейскага кораня са значэннямі «рэзаць, аддзяляць, драпаць». Гэтым коранем пазначаецца штосьці вострае і выцягнутае. І адно з самых папулярных словаў мацернай лексікі «бл*дзь» паходзіць таксама з індаеўрапейскага кораня, якое звязана са значэннямі “змяшаць, пераблытаць” або ”зрабіць мутным, непразрыстым”. Цікава, што ў гэты сэнсавы шэраг адносіцца і праславянскае *blęd «памылка, падман» і *blęsti «гаварыць глупства», а ўжо адсюль утвараюцца знаёмыя ўсім вядомыя «бл*дзь» і «блуд» (заблукаць, пайсці не тым шляхам, адхіленне, распуста).

Можна сцвярджаць, што ў пэўны час мацяршчына мела рытуальны характар і функцыі і з’яўлялася элементам абрадаў паганскага паходжання, якія маюць выразную сувязь з урадлівасцю і плоднасцю: вясельных, радзінных і сельскагаспадарчых абрадаў і каляндарных святаў (напрыклад, Масленіца, Каляды). У шэрагу выпадкаў мацерная лаянка па сваіх функцыях адпавядае малітве: такім чынам можна абараніць сябе ад шкоднага магічнага ўздзеяння і ад нячысцікаў. Праклёны, заклёны і нават клятвы імём вышэйшых сілаў у форме ненарматыўных выказванняў, паводле меркавання філолага Барыса Успенскага, маюць асацыяцыю менавіта з грамавым ударам, разглядаюцца ў якасці закліку Грымотніка, які б’е нячыстую сілу. Прысутнасць такой лексікі ў абрадавым фальклоры і міфалагічных тэкстах таксама сведчыць пра яе арыгінальнасць і старажытнасць у нашай культуры.

 

З гэтага можна зрабіць выснову, што мацерныя словы ўсё ж не з’яўляюцца чужароднай з’явай у беларускай мове і культуры, але ёсць архаічнай тутэйшай спадчынай. Іншая рэч, што з цягам стагоддзяў гэтыя, відаць, першапачаткова звычайныя словы, якія не мелі забароненага характару, пад уплывам розных прычын страцілі свой першасны сэнс і набылі новую канатацыю і па-іншаму сталі ўспрымацца.

 

Спiс крынiц, што мы выкарыстоўвалi

  1. Белорусский эротический фольклор / Изд. под. Т.В. Володина, А.С. Федосик. М.: Ладомир, 2006. — 381 с.
  2. Кирилина А.В. Ещё один аспект значения обсценной лексики // «А се грехи злые, смертные…»: Любовь, эротика и сексуальная этика в доиндустриальной России (X – первая половина XIX.) / Сб. ст. под ред. Н.Л. Пушкарёвой. — М.: Ладомир, 1999. — С. 775—781.
  3. Плуцер-Сарно А. Ю. Философия «п*зды» // Новое литературное обозрение. — 2005. — № 1 (71).
  4. Успенский Б.А. Мифологический аспект русской экспрессивной фразеологии // Анти-мир русской культуры. — М.: Ладомир, 1996. — С. 9—107.
  5. Federowski М. Lud białoruski. Т. VI: Pieśni. Warszawa, 1960. — 596 s.

 

Чытай, глядзi, слухай нас там, дзе табе зручна!